Мы пачынаем знаёмства з прамысловым сэрцам сталіцы. І вось перад намі палац-завод. Гэта быў адзін з першых праектаў у СССР па стварэнні новага завадскога ландшафту – прамысловы савецкі горад з бульварамі, вежамі палацаў і параднымі праспектамі.
На в'етнамскай банкноце вартасцю 200 донгаў красуецца трактар «Беларусь», мадэль МТЗ-50. У свой час трактары былі для В'етнама ўвасабленнем прагрэсу ў аграрнай сферы. Грошы былі выпушчаныя ў 1987 годзе.
Толькі ў дзень нараджэння МТЗ і ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мінчукі і госці горада могуць пабачыць яркія танцы трактароў пад самыя розныя музычныя кампазіцыі – ад «Танца маленькіх лебедзяў» да знакамітай «Касiў Ясь канюшыну».
Пры жаданні можна зазірнуць і на прадпрыемства. Вы азнаёміцеся з гісторыяй развіцця Мінскага трактарнага завода, якая бярэ свой пачатак з 1946 года. Пройдзецеся па тэрыторыі прадпрыемства, зазірнеце ў цэхі, дзе робяць дэталі з дакладнасцю да мікрона, а на канвеерах ажываюць трактары з сусветным імем BELARUS. Зможаце ўбачыць выставу прадукцыі, якую выпускае «МТЗ-Холдынг», пры жаданні – пасядзець ў кабіне сучаснага трактара.
Ад цэнтральнай прахадной МТЗ мы ідзем на шпацыр па вуліцы Даўгабродскай. Раней тут была царква. А ў XIX стагоддзі тут жыў у летнім доміку арцыбіскуп Антоній Зубко. Асоба знакавая як для гісторыі Мінска, так і для Беларусі ў цэлым. Менавіта ён адыграў адну з вядучых роляў ва ўз'яднанні ўніяцкай і праваслаўнай царквы. Тэрыторыя, дзе сёння раскінуўся Трактарны завод, раней называлася Архірэйскім гаем. Пасля рэвалюцыі зямлю ад царквы адабралі. У 1940-м тут пачалося будаўніцтва завода па выпуску цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. І толькі ў 1946-м тут запрацаваў трактарны завод.
У прылеглых да бульвара Трактарабудаўнікоў кварталах захаваўся выдатны прыклад узорнага сацыялістычнага пасёлка.
Раней яго ўпрыгожвалі скульптуры: пара футбалістаў з аднаго боку і пара валейбалістак з другога. Да бульвара прымыкаюць спортпляцоўкі, якія да гэтага часу выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Менавіта тут размяшчаецца рэдкая для сучаснага Мінска пляцоўка для гульні ў гарадкі. Побач – пітны фантанчык 1950-х гадоў.
Бульвар прыводзіць нас да вуліцы Стаханаўскай. І першы ж дом здзіўляе: яго пабудавалі ў далёкім 1948 годзе. Кватэры давалі стаханаўцам за працоўныя заслугі. А вось каларытная ляпніна – Пасейдон і русалкі – з'явілася толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Міфаў і легенд на тэму з'яўлення незвычайнага ўпрыгожвання – тысяча і адна штука. На самой справе ўсё проста – тут доўгі час прадавалі фільтры для ачысткі вады.
Цэльнасць і ўнікальны ансамбль – галоўныя каштоўнасці трактаразаводскага пасёлка, ён і сёння сустракаецца ў многіх падручніках гісторыі як прыклад савецкай горадабудаўнічай планіроўкі. І ёсць яшчэ шанец убачыць гісторыю ў рэальнасці.
Завітвай на нашу АЗС, арандуй ровар, падмацоўвайся кавай і адпраўляйся ў вандроўку па раёне з нашым даведнікам!