Экскурсии за спасибо

Малінаўка

Камфорт і гісторыя за вакном
Малінаўка – рамантычная прыгожая назва аднаго з адносна маладых раёнаў Мінска. Падарожжа па раёне пачнем ад станцыі метро. Станцыя «Малінаўка» заслугоўвае ўвагі: афармленне станцыі цалкам адпавядае яе назве. Тут на галінах пладовых дрэў шчабечуць малінаўкі, спее маліна. Калоны станцыі аформлены як ствалы дрэў. Дарэчы, на станцыі ў непіковы час уключаюць запіс спеваў малінаўкі. Складваецца ўражанне, што ты і сапраўды ў лесе або садзе. У гадзіны пік з-за частага курсіравання цягнікоў спевы проста не чуваць. Дарэчы, гэта опцыя не прапісана ў дакументах, гэта ініцыятыва метрапалітэна.

Далей ідзем да храма Опцінскіх старцаў пры прыходзе прападобнага Серафіма Сароўскага. Тут дзейнічае царкоўны клуб аматараў археалогіі Беларусі «Стаўрас». Ён адкрыты для ўсіх жадаючых прыняць удзел у сапраўдных раскопках і сваімі рукамі дакрануцца да гісторыі роднага краю! Пры прыходзе дзейнічаюць моладзевы цэнтр у гонар пр. Серафіма Сароўскага, сястрынства, нядзельная школа, цэнтр сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі «Жыватворчая крыніца», бібліятэка і творчая майстэрня «Дабрачынны кірмаш»

Звяртаемся на праспект Дзяржынскага. Тут размяшчаецца студэнцкая вёска на 10 тысяч чалавек (комплекс сіметрычных будынкаў, увянчаных невялікімі вежамі), якая стала цэнтрам размяшчэння ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў.
Прагуляўшыся ўздоўж праспекта і палюбаваўшыся карпусамі медуніверсітэта, мы паглыбляемся ў мікрараён. Побач з універсамам «Валгаград» знаходзіцца царква Праабражэння Гасподняга. Тут праходзяць набажэнствы, дзейнічае сястрынства. Сюды варта прыйсці, каб паслухаць выдатныя спевы царкоўнага хору.

Трохі ў баку, на праспекце Газеты «Звязда» (ля д. 32) захаваўся чатырохметровы курган дыяметрам каля 20 метраў племені дрыгавічоў Х-ХІ стст. Курган быў абследаваны ў 1978 і 1980 гадах археолагамі Інстытута гісторыі АН БССР. Зараз гэта ахоўная зона. Яшчэ некалькі хвілін – і мы каля дома нумар 26 па праспекце Любімава сустракаем другі курган – вышынёй 3,5 м, дыяметрам 20 м. На тэрыторыі раёна знаходзяцца і менш старажытныя пахаванні – могілкі Пятроўшчына і могілкі каля царквы Праабражэння Гасподняга.

А яшчэ археолагі адшукалі месца, дзе размяшчалася неўмацаванае паселішча – вёска. Навукоўцы знайшлі тут багаты набор прадметаў – чарапкі гліняных гаршкоў, місак, кубкаў, жбаноў, металічныя, шкляныя і касцяныя ўпрыгожванні, жалезныя і касцяныя прылады працы, зброю. Выяўлены таксама жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У пачатку ХХ стагоддзя тут курганоў было больш за 200.

На праспекце Газеты «Праўда» размяшчаецца паселішча X–XIII ст. плошчай каля гектара. Археолагі ў 1986 годзе абследавалі 400 кв. м плошчы, выявілі культурны пласт, знайшлі рэшткі наземных зрубаў жылых будынкаў, печаў, фрагменты амфар, глінянага посуду, жалезныя нажы, цвікі, цуглі, крэсіва, шыла, ключ, упрыгожванні з каляровых металаў, вастрыльныя брускі.

Але не толькі старажытныя пабудовы выклікаюць цікавасць. Менавіта ў Малінаўцы, на праспекце Газеты «Праўда» з'явіўся першы будынак у Мінску, спраектаваны заходнееўрапейскім архітэктарам, які адначасова стаў і першым узорам постсавецкай архітэктуры ў горадзе. Гаворка ідзе пра міжнародны адукацыйны цэнтр ім. Ёханэса Рау, пабудаваны у 1992–94 гадах па праекце немца Рыхарда Піршке і беларуса Алега Вараб'ёва. Элементы супрэматызму і сёння робяць яго пазнавальным.

Завітвай на нашу АЗС, арандуй ровар, падмацоўвайся кавай і адпраўляйся ў вандроўку па раёне з нашым даведнікам!