Лошыцкі парк – сапраўдная перліна мікрараёна! Менавіта ў ім размяшчаецца сядзібны комплекс, які больш-менш захаваўся да нашых дзён. У бурным ХХ стагоддзі тут шмат што змянілася, але гэта толькі ўзбагаціла гісторыю парка.
Мы пачынаем шлях да сядзібнага дома па шыкоўнай параднай ліпавай алеі ад вуліцы Маякоўскага. Дрэвы былі пасаджаны стагоддзі таму, многія захаваліся. Ліпавая алея, якая вяла да сядзібнага дома, была сведчаннем знатнасці, багацця і старажытнасці роду. Пышныя кроны дрэў, узрост якіх дасягае 250 гадоў, ствараюць загадкавую і містычную атмасферу нават пры святле дня. 10 хвілін шпацыру пад кронамі ў прыемнай прахалодзе прыводзяць да сядзібнай брамы. Справа ад яе знаходзяцца рэшткі каталіцкай капліцы. Гэта капліца бачыла шмат выдатных людзей, якія гасцявалі ў Лошыцкай сядзібе. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Манюшка, Янка Купала, Якуб Колас… Падчас свайго візіту ў Лошыцу Язэп Пешка намаляваў выдатны пейзаж, на якім мы сёння можам убачыць панараму наваколля Лошыцкай сядзібы і каталіцкую каплічку, якая калісьці ўпрыгожвала ўезд у маёнтак. Капліца-пахавальня Прушынскіх, а пазней Любанскіх, у ХХ стагоддзі стала духоўным цэнтрам ваколіц. Будучы чалавекам сучасных поглядаў, Яўстафій Любанскі дазваляў мясцовым сялянам бываць тут на нядзельнай малітве.
МІнаючы домік вартаўніка, што размяшчаецца злева ад брамы, накіроўваемся далей, да раскошнай сядзібы, размешчанай за партэрам кропляпадобнай формы. У карэт, запрэжаных коньмі, зразумела, не было задняй перадачы, таму транспарт гасцей праязджаў па крузе, урачыста высаджваючы пасажыраў ля галоўнага ўваходу ў сядзібны дом.
Сядзіба ў пачатку ХХ стагоддзя стала адной з самых раскошных і сучасных на той час рэзідэнцый, а таксама адным з цэнтраў культурнага жыцця губернскага горада Мінска. Менавіта дзякуючы апошнім гаспадарам Лошыцы – Яўстафію, які быў паспяховым бізнесменам, спартсменам і добрым гаспадаром, і яго жонцы Ядзвізе, якая натхніла графа на перамены ў яго вясёлым халасцяцкім жыцці, сядзіба становіцца такой, якой мы можам яе бачыць і сёння.
Ля месца гібелі апошняй гаспадыні сядзібы – Ядзвігі – рос абрыкос маньчжурскі. Вясной, у пару цвіцення, дрэва нагадвала сабой велізарны ружовы букет. Не захавалася. Кажуць, што менавіта ў час яго цвіцення і летам перад Купаллем у месяцовыя ночы ў парку з'яўляецца прывід Ядзвігі – выразны сілуэт дамы ў белым строі – і паказваецца закаханым.
Побач з сядзібным домам – флігель. Там размяшчаліся офіс кіраўніка маёнтка і жыллё для шматлікіх слуг, якія дапамагалі Любанскім весці той прыемны лад жыцця, да якога гаспадары прывыклі. А каб кіраўніку або гаспадару было лёгка кантраляваць, хто з слуг працуе, а хто адпачывае, у флігелі ёсць не толькі балкончык, але і вежа! Высока сяджу – далёка гляджу.
Фотагенічнасць гэтага раёна прыцягвала і кінарэжысёраў. Тут, дарэчы, вяліся здымкі вядомай стужкі «Корцік».
Крыху спусціўшыся за сядзібны дом, мы сустракаем заручальны дуб, які ўжо некалькі стагоддзяў выконвае жаданні гасцей Лошыцы. Шанец дакрануцца да яго яшчэ ёсць і ў вас.
Ёсць у Лошыцы і сведчанні ваеннай гісторыі: у парку непадалёк ад сядзібы знаходзіцца помнік, прысвечаны загінулым салдатам і падпольшчыкам у гады Вялікай Айчыннай вайны. З ліпеня па лістапад 1944 года ў Лошыцы размяшчаўся штаб партызанскага руху Беларусі.
Варта зірнуць і на руіны старога млына, дзе могуць вадзіцца чэрці, пабываць на Востраве Кахання, напіцца вады з крыніцы, пастаяць ля сцен вінакурнага комплексу – адной з колішніх крыніц дабрабыту Любанскіх. Але ўжо другім разам!
Завітвай на нашу АЗС, арандуй ровар, падмацоўвайся кавай і адпраўляйся ў вандроўку па раёне з нашым даведнікам!