Шпацыр па Серабранцы – гэта знаёмства з месцам сілы. Фарміраванне сучаснай Серабранкі пачалося ў 1966 годзе. Сваю назву мікрараён атрымаў ад назвы фальварка Срэбны бор, які размяшчаўся непадалёк на процілеглым беразе Свіслачы. Гаспадаром фальварка быў Яўстафій Любанскі. Цяпер гэта пачатак Партызанскага праспекта Мінска. Чаму раён, аддалены ад гэтага месца, вырашылі назваць так, застаецца загадкай. У 60-70 гады мінулага стагоддзя была традыцыя называць мікрараёны па іх геаграфічнаму становішчу: Усход, Захад, Паўднёвы Захад… Згадзіцеся, Серабранка гучыць лепш!
Серабранка з трох бакоў акружаная рэкамі і возерам, а таксама зялёнымі масівамі. Шпацыруючы ўздоўж жывапіснага канала, мы нават не задумваемся пра неардынарную ідэю Сляпянскай воднай сістэмы. У канцы 1970-х гадоў у Мінску пачалася рэалізацыя грандыёзнага праекта. Па задумцы архітэктараў, водна-зялёны дыяметр горада, які ўтвараўся ракой Свіслач і шэрагам вадасховішчаў на ёй, павінна было дапоўніць водна-паркавае кола, сістэма штучных і натуральных вадаёмаў агульнай працягласцю каля 40 км, створаных на базе ручаёў Сляпянка і Лошыца. Будаўніцтва толькі першай чаргі гэтага гідратэхнічнага комплексу расцягнулася на дзесяцігоддзі, але вынік можна назваць адным з найбуйнейшых дасягненняў усёй савецкай ландшафтнай архітэктуры.
У гэтым раёне Мінска досыць высокая шчыльнасць насельніцтва, але жыхары не адчуваюць недахопу ў гандлёвых кропак, школах, дзіцячых садках. «Ружа вятроў» у Серабранцы такая, што сюды не трапляе паветра ад ліцейнага цэха Трактарнага завода, які знаходзіцца ў 1,5 кіламетра адсюль. Наяўнасць побач прамысловых гігантаў абумовіла той факт, што гэта адзін з нямногіх раёнаў Мінска, дзе ходзяць усе віды наземнага транспарту: аўтобус, тралейбус, трамвай.
…І вось перад намі ўзвышаецца касцёл Яна Хрысціцеля. Гэта першы касцёл Мінска, пабудаваны пасля 1917 года. У 2001–2002 гг. тут вырасла невялікая капліца, а ў 2007-м быў закладзены падмурак неагатычнага касцёла са шпілем вышынёй 46 метраў.
Прайшоўшы крыху ад вуліцы Пляханава ў бок праспекта Ракасоўскага, мы трапляем у свет легенд ХХ стагоддзя. Тут амаль 25 гадоў узвышаецца знакамітае ў раёне збудаванне – так званая пізанская вежа. Справа ў тым, што будынак №82 стаіць пад нахілам, нагадваючы вядомую вежу ў Пізе.
Маршрут вядзе нас да вуліцы Малініна, дзе ў 1995 годзе быў заснаваны праваслаўны прыход і пачалося ўзвядзенне храма. Першапачаткова набажэнствы праходзілі ў намёце побач з будаўнічай пляцоўкай. Храм будаваўся сіламі вернікаў Серабранкі; вёўся таксама збор ахвяраванняў. Будаўніцтва храма доўжылася 14 гадоў. 13 снежня 2009 года мітрапаліт Мінскі Філарэт здзейсніў чын асвячэння храма і правёў першую літургію. Да пачатку 2010-х гадоў было цалкам скончана вонкавае аздабленне храма, добраўпарадкавана званіца, дзейна ішло добраўпарадкаванне іканастаса, роспіс алтарнай часткі, сцен.
На тэрыторыі прыхода планавалася ўсталяваць помнік яго нябеснаму заступніку – апосталу Андрэю Першазванаму, паклонны крыж, будынак нядзельнай школы, плот. У прыходзе працавала нядзельная школа і сястрыцтва, якое акармляла інвалідаў і падапечных дома састарэлых у мікрараёне Дражня. Духавенства прыхода чытала курс рэлігіязнаўства ў школах мікрараёна па самастойна распрацаванай праграме.