Экскурсии за спасибо

Асмолаўка

Сімвал пасляваеннага адраджэння горада
Асмалоўка – нетыповы ўтульны і зялёны раён у цэнтры забудаванага і шумнага Мінска.

Раён гэты пачаў фарміравацца адразу пасля вайны па актуальнай прычыне – у моцна разбураным горадзе не было куды рассяляць чыноўнікаў, генералаў і творчую эліту, якія вярталіся з эвакуацыі. А размяшчаць іх у паўзямлянках і на хуткую руку збудаваных бараках лічылася няправільным.

Тады адзін з галоўных архітэктараў пасляваеннага Мінска Міхаіл Асмалоўскі (у суаўтарстве з архітэктарамі М. Паруснікавым і М. Рачко) распрацаваў праект жылога мікрараёна – комплекс двухпавярховых дамоў, якія можна было адносна хутка ўзвесці, але ў той жа час з прымальным узроўнем камфорту для людзей, якія там паселяцца. Так узнік мікрараён, які пазней атрымаў назву ў гонар свайго стваральніка – архітэктара Асмалоўскага.

Мясцовыя часта распавядаюць, што раён узводзілі палонныя немцы і італьянцы. Але іншыя мясцовыя даказваюць, што ні немцаў, ні тым больш італьянцаў на будоўлі не было. Пытанне застаецца адкрытым, але галоўнае, што якасць узведзеных аб’ектаў для пасляваеннага Мінска аказалася добрай.
У 1947 годзе былі здадзеныя першыя дамы, а ў 1950-м раён засяліўся поўнасцю. Атрымаліся два кварталы і сумарна каля 40 дамоў. Першы квартал аддалі вайскоўцам. З фронта вярталася тады шмат афіцэраў, якіх трэба было дзесьці размяшчаць, Асмалоўка якраз стаяла побач са штабам (цяперашняе Міністэрства абароны). Зручна. Побач пасяліліся, напрыклад, генерал-маёр Бурдзейны і маршал Цімашэнка. Праўда, не ў самой Асмалоўцы, а праз вуліцу, у крыху лепшых дамах.

Калі са Старавіленскай збочыць на вуліцу Камуністычную, то злева можна пабачыць дом, дзе жыў маршал Цімашэнка (там зараз размяшчаецца пасол РФ), пасля справа акажацца першы квартал Асмалоўкі, дзе жылі ваенныя. Ён называўся Ваенным гарадком. За ім можна патрапіць у другі квартал Асмалоўкі, які пэўны час насіў назву “пасёлак Лютаровіча”.

У другім квартале давалі жытло прафсаюзным работнікам, чыноўнікам з розных міністэрстваў, але асабліва шмат кватэр “выбіў” для свайго ведамства тагачасны кіраўнік па справах мастацтва Павел Лютаровіч. Так побач з вайскоўцамі пасяліліся мастакі, артысты Опернага тэатра (таксама блізка было хадзіць на працу) і іншыя творчыя людзі.

Дамы Асмалоўкі, з аднаго боку, тыповыя праекты, якія можна сустрэць у розных гарадах Беларусі, але ў той жа час кожны архітэктар раёна спрабаваў дадаць індывідуальнасці сваім аб’ектам. Так з’явіліся драўляныя балкончыкі, рэльефы на вуглах і незвычайныя порцікі. Раён займеў непаўторнае аблічча.

Ад пачатку Асмалоўка была акружаная плотам, брама якога замыкалася на ноч. Паступова вырасталі дрэвы, пасаджаныя на выпаленай пасля вайны тэрыторыі. Усё гэта дадавала яшчэ большай утульнасці раёну. Старых дрэваў тут і цяпер захавалася дзясяткі. Па выніку Асмалоўка стала першым цалкам завершаным мікрараёнам Мінска, які, магчыма, і падказаў архітэктарам будучыя ідэі гуманістычнай (невысокай, прасторнай і зялёнай) забудовы горада.
У першае дзесяцігоддзе існавання статус Асмалоўкі рэзка памяняўся. У 1947 годзе першыя здадзеныя дамы былі лепшымі ў горадзе, пасяліцца тут лічылася шчасцем для любога мінчука, але ўжо праз 10 год, калі вырас і заблішчэў сваім ампірам цэнтральны праспект Мінска, ганарліва падняўся над Свіслаччу “дом пад шпілем” і цэлы квартал такіх жа аб’ектаў павышанай камфортнасці, аказалася, што невялікія кватэры ў Асмалоўцы моцна саступаюць у зручнасці і статуснасці іншай забудове Мінска 1950-х гадоў.

Калегі нават крытыкавалі Асмалоўскага за тое, што той пабудаваў такі просценькі раён у самым цэнтры горада.

Але далей здарылася дзіўнае – 70 год існавання Асмалоўкі не маргіналізавалі яе, а наадварот, як добраму віну, дадалі смаку і водару. Двухпавярховая забудова і старыя дрэвы надалі раёну той утульнасці, якой бракуе навакольнай забудове. Жыхары творчых прафесій (а іх тут шмат ад пачатку) сфармавалі своеасаблівую атмасферу ва ўнутраных дворыках. Ды, зрэшты, і сам узрост мікрараёна, які амаль што не змяніўся за доўгія гады, усё больш дадае яму каштоўнасці. Побач з Асмалоўкай размяшчаецца піўзавод “Аліварыя”, які дорыць гэтаму раёну яшчэ і непаўторны водар.

Каштоўнасць гэту давялося даказваць яшчэ раз у пачатку ХХІ стагоддзя шматлікім інвестарам, якія спрабавалі паставіць на месцы Асмалоўкі “нешта сучаснае”. Але атрымалася наадварот: дыскусіі вакол перспектыўнай забудовы яшчэ больш даказалі ўсяму гораду несумненную каштоўнасць старога пасляваеннага раёнчыка, заціснутага паміж Оперным тэатрам, Генштабам і піўзаводам.

Завітвай на нашу АЗС, арандуй ровар, падмацоўвайся кавай і адпраўляйся ў вандроўку па раёне з нашым даведнікам!