Экскурсии за спасибо

Восток

Золотые ворота Минска
Восток
Мікрараён “Усход-1” пачаў будавацца ў сярэдзіне 1960-х гадоў на месцы вёскі Слепня, праз якую прайшла галоўная магістраль Мінска – колішні Ленінскі праспект (цяпер – Незалежнасці).

Такое важнае становішча абавязвала да індывідуальнага падыходу, таму замест стандартнага “спальніка” уздоўж праспекта пачалі ўздымацца дамы, зробленыя па праектах адразу двух аўтарскіх калектываў – з Масквы і Мінска.

Першае, што кідаецца ў вочы, – “фасадныя” шаснаццаціпавярховыя дамы, спраектаваныя архітэктарам Рыгорам Сысоевым, якія паўбокам выходзяць на праспект. І паўбокам яны стаяць не проста так. На гэты конт у гарадскіх улад былі вялікія сумневы, бо па факце гэта звычайныя панэльныя дамы, і лічылася, што такія стандартныя аб’екты ня вартыя таго, каб стаяць на галоўным праспекце краіны.

Але архітэктары прыдумалі цэлы шэраг цікавых рашэнняў: па-першае, на сценах гэтых панэлек размясцілі гіганцкія пано аўтарства вядомага мастака Аляксандра Кішчанкі, прысвечаныя тэме культуры, навукі, будаўніцтва і вайны. Гэта самыя вялікія мазаічныя работы ў нашай краіне. Яны абыйшліся ў суму, амаль што роўную кошту саміх дамоў.
Па-другое, на дахах дамоў спраектавалі двухузроўневыя дворыкі для мясцовых жыхароў, дзе размясцілі ў кадках цэлыя сады з дрэў і кустоў. Ідэя “вісячых садоў” на галоўным праспекце выглядала вельмі цікавай і сучаснай, але, на жаль, не прыжылася. Але хочацца спадзявацца, што яна яшчэ дачакаецца свайго часу. У выніку атрымалася даволі арыгінальна, і новы мікрараён “Усход” атрымаў сваю візітную картку.

Але не толькі пра фасадны бок думалі архітэктары. Мікрараёны “Усход-1” і “Усход-2” спраектаваныя так, каб побач было ўсё, што неабходна для камфортнага жыцця чалавека, – дзіцячыя сады, школы, прадуктовыя і гаспадарчыя крамы, цэнтры бытавых паслуг і нават крама для будучых маладажонаў пад назвай “Шчасце” (назва гэтая, дарэчы, знікла зусім нядаўна, праіснаваўшы амаль 50 год).

Архітэктары стараліся надаць максімальную індывідуальнасць раёну: большасць грамадскіх аб’ектаў мае нестандартныя архітэктурныя рашэнні, асабліва тыя, што выходзяць на праспект. І нават тыпавыя будынкі паспрабавалі індывідуалізаваць – бетоннымі хвалістымі ўстаўкамі на фасадах сцен, з дапамогай нестандартных металічных канструкцый перад уваходам у пад’езд.

Трэнд на незвычайнасць працягвае жыць у мікрараёне сваім жыццём. Калі пагуляць па дворыках, можна знайсці помнік цэлай сям’і мамантаў, самаробныя канструкцыі караблёў, міфічных істот, рыцараў і іншыя незвычайныя арт-аб’екты. Да нядаўняга часу каля адной з пляцовак стаяла копія Эйфелевай вежы (на жаль, ужо няма). Таму шпацыр па мікрараёне можа перарасці ў квэст з цікавымі знаходкамі.

Непаўторны вобраз мікрараёна завяршае Сляпянская водная сістэма з качкамі, чайкамі, цікавымі масткамі і каларытнымі вадаспадамі.

І гэта яшчэ не ўсё! Навокал мікрараёна, як каштоўныя каралі, вырастаюць аб’екты, якія самі па сабе становяцца візітоўкамі нашага горада. Спартыўны комплекс “Алімпійскі” (цікавы помнік познесавецкай архітэктуры), Усходнія могілкі (галоўны пасляваенны пантэон нашай краіны), Нацыянальная бібліятэка Беларусі (тут зараз захоўваецца каля 10 мільёнаў кніг, а сам будынак перыядычна ўваходзіць у ТОПы самых незвычайных будынкаў свету), царква Усіх Святых (на сёння самая вялікая і самая пампезная ў Беларусі царква).

Каб усё гэта пабачыць, спатрэбіцца пару гадзін, а калі яшчэ і з экскурсіяй на аб’ектах, то і дня можа не хапіць. Такі вось сталічны мікрараён “Усход”.

Заезжай на нашу АЗС, арендуй велосипед, заряжайся кофе и отправляйся в экскурсию по району с нашим путеводителем!