Прымітывізм зарадзіўся яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. У сваіх працах прымітывісты свядома спрашчаюць мастацкія прыёмы. Іх творчасць – чыстая і эмацыянальная, як малюнкі дзіцяці або першабытнага чалавека.
Прымітывісты актыўна цікавіліся народнай творчасцю. Іх галоўная задача – “ачысціць” эмоцыю ад артэфактаў думкі, паказаць наіўны, дзіцячы погляд на рэчы, прыбраць усе дэталі, якія адцягваюць увагу. У напрамку “прымітывізм” працавалі такія аўтары, як Поль Гаген, Анры Русо, Ніка Пірасмані. У кожнага з іх былі свае нацыянальныя ці, наадварот, міжэтнічныя крыніцы натхнення.
Прадстаўнікі прымітывізму на Беларусі таксама вельмі розныя: гэта і касмічны падарожнік Язэп Драздовіч, і фантастычная ўладарка беларускіх львоў Алёна Кіш, і першы хіпі горада Мінска Віталь Чарнабрысаў. І шмат хто яшчэ, напрыклад, маці і дачка Наталля і Галіна Івановы, хто мае адвагу сёння падтрымліваць гэтую мастацкую традыцыю, абараняць стыль, што падаецца прымітыўным і недасканалым толькі на самы неабазнаны погляд.
*Праект рэалізуецца пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінску