Фарфор
03 лістапада 2021

Цінхуацы

Старадаўні кітайскі фарфор
Цінхуацы – назва старадаўняга кітайскага фарфору з сінімі ўзорамі на белым фоне, выкананымі ў тэхніцы падпаліўнага роспісу часоў дынастыі Цын. У ранні сучасны перыяд ён таксама быў важным таварам у міжнародным гандлі Кітая. Узор наносіўся на фарфоравую нарыхтоўку (выкарыстоўвалася фарба на аснове кобальту), потым выраб пакрываўся зверху празрыстай палівай і адзін раз абпальваўся пры тэмпературы каля 1230 градусаў. У малюнках пераважалі фларыстычныя выявы: бамбук, ружа, архідэя, хрызантэма, лотас, вішня або сліва мейхуа, драконы і жоравы. Таленавітыя мастакі маглі ўзнавіць у малюнку далікатнасць кветкі, прыгажосць кітайскай прыроды, цыклічнасць прыродных працэсаў ці з'яў. Звяртаючыся да мовы сімвалаў і асацыяцый, майстры перадавалі ў сваім творы асаблівы стан душы, настрой або пэўныя чалавечыя якасці. У цэлым сіне-белы фарфор адрозніваецца тым, што добра захоўвае і бляск палівы, і колер роспісу, а вырабы з яго адначасова вытанчаныя і практычныя. Менавіта таму, ледзь з'явіўшыся, ён тут жа пачаў распаўсюджвацца па іншых рэгіёнах і краінах. Гэты фарфор стаў асноўным відам прадукцыі Цзіндэчжэньскіх ганчарняў, карыстаўся шырокім попытам у Кітаі і за яго межамі.