Маршрут №1 сабраў усё хараство Беларусі: ад Нясвіжа і Міра да Ружан і Косава. Па дарозе размешчаны адны з самых прыгожых і шыкоўных сядзіб свайго часу. Не забудзьцеся ўзяць з сабой фотаапарат!
У годзе шмат святаў, але нам гэтага недастаткова, таму мы вырашылі прыдумаць свае. 2, 5 і 10 красавіка – добрыя даты, бо гэта 92-гі, 95-ты і 100-ты дні года. Здагадваецеся пра сувязь? Мы вырашылі аб'яднаць гэтыя дні ў адзін "Фестываль бензіну А-100". Удзельнічайце ў ім і атрымлівайце ўражанні!
Як лепш за ўсё адзначыць свята бензіну, калі ў вас ёсць машына, а на вуліцы вясна? Вядома, паехаць у падарожжа. А што наконт вандроўкі, на якую можна выдаткаваць усяго адзін бак бензіну?
А-100 падкажа, якія цікавыя месцы можна наведаць. На нашых АЗС у Мінску вы знойдзеце мапы з маршрутамі па мясцінах Беларусі, якія дакладна варта ўбачыць.
Напрыклад, вы ведалі, што царква можа быць яшчэ і крэпасцю? А бачылі палац, дзе захоўвалася казна ВКЛ? Калі не, то у вас ёсць шанец зрабіць гэта проста зараз! З'ездзіць у гэтыя выдатныя месцы зручней за ўсё, стартаваўшы з АЗС №16, №24, №25. Запраўляйцеся на А-100 і наперад!
- Нясвіж. Калісьці ў гэтым палацава-паркавым комплексе жылі князі Радзівілы — найбагацейшы род Вялікага Княства Літоўскага. А зараз гэта адно з самых папулярных месцаў Беларусі для турыстаў — за год сюды прыязджае каля 400 тыс. чалавек. Нясвіжскі замак за пяцісотгадовую гісторыю некалькі разоў перабудоўвалі. А пасля Другой сусветнай вайны ў будынку быў размешчаны санаторый.
У 2005 годзе замак зноў рэканструявалі, і цяпер ён працуе як музей. Зараз кожны можа ненадоўга ўявіць сябе князем, шпацыруючы побач з разьбянымі ложкамі або гледзячыся ў люстэрка, якое памятае прыгожых дам і высакародных мужоў.
- Мір. Мірскі замак пабудавалі ў XVI стагоддзі, каб абараняцца ад крымскіх татараў і феадалаў, якія жывуць побач. Па іншай версіі, яго першы гаспадар проста хацеў атрымаць тытул еўрапейскага графа, а для гэтага трэба было мець свой мураваны замак.
Мірскі замак быў сведкам усіх войнаў, якія праходзілі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і выстаяў. Але гэта не дзіва, бо таўшчыня сцен каля падмурку замка — тры метры. Уяўляеце, мяняліся пакаленні, людзі прайшлі шлях ад конных павозак да электрамабіляў, а гэтыя сцены стаялі.
Мірскі замак таксама сур'ёзна рэканструявалі ў XXI стагоддзі, цяпер гэта музей. Згодна з паданнем, ад Мірскага замка да Нясвіжскага вядзе падземны ход, а ў ім з 1812 года схаваныя скарбы Радзівілаў. Аднак іх да гэтага часу не знайшлі. Але гэта толькі таму, што вы яшчэ туды не з'ездзілі, праўда?
Як і папярэдні пункт, гэта абсалютны must see для любога беларуса.
- Навагрудак. Гэты раённы цэнтр з насельніцтвам усяго 30 тыс. чалавек калісьці быў першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага, і па меншай меры таму тут варта пабываць. У Навагрудку нарадзіўся і вырас Адам Міцкевіч, якога нацыянальным паэтам лічаць яшчэ тры нацыі. Міцкевіч казаў: “Навагрудчына — гэта маленькая Швейцарыя” і меў рацыю — горад знаходзіцца ва ўзгорыстай мясцовасці, да таго ж вышэй над узроўнем мора за астатнія гарады Беларусі.
- Сынкавічы. Тут знаходзіцца самы старажытны храм-крэпасць на тэрыторыі Беларусі. З-за байніц, размешчаных па вуглах, гэтая масіўная царква нагадвае замак еўрапейскага феадала. Паводле легенды, царкву заснаваў сам Вітаўт, калі ў мясцовых лясах выратаваўся ад пагоні Ягайлы. Гэтая царква дзейнічае і зараз. Кажуць, адзін з абразоў у ёй можа вылечыць самыя цяжкія хваробы.
Калі вы не аматар царкоўнах аб'ектаў, усё адно, раім вам паглядзець на яе. Гэта выдатны ўзор праваслаўнай готыкі і адна з лічаных цэркваў-крэпасцей у Беларусі.
- Гнезна. Прыехаўшы ў гэты невялікі аграгарадок, звярніце ўвагу на сельсавет. Ён знаходзіцца ў будынку радавой сядзібы Тарасовічаў — уладальнікаў Гнезна. Але галоўная тутэйшая славутасць — касцёл св. Міхала. Гэта помнік архітэктуры, занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Адзін з нешматлікіх храмаў на тэрыторыі краіны, у якім готыка цесна сплялася з рэнесансам. Храм быў пабудаваны на пачатку XVI стагоддзя, дастаткова добра захаваўся знешне, але інтэр'ер, на жаль, да нас не дайшоў. Затое цяпер унутры можна назіраць копію "Сіксцінскай Мадоны" Рафаэля.
Кажуць, ксёндз, які служыць тут, з задавальненнем распавядае турыстам пра гісторыю касцёла. Не ўпусціце магчымасці распытаць!
- Ружаны. Былую рэзідэнцыю знакамітага роду Сапегаў называюць беларускім Версалем. Гэта велічэзны палацавы комплекс з карпусамі і галерэямі, сваёй уязной трыўмфальная аркай і ўнутраным дваром на 1,5 га. У часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут прымалі паслоў з іншых краін. У падвале палаца захоўвалася дзяржаўная казна ВКЛ. На жаль, ад рэзідэнцыі Сапегаў да нас дайшлі толькі руіны, але зараз гэты помнік беларускага барока актыўна рэстаўруюць. Частка яго ўжо адчынена для турыстаў.
- Косава. Палац Пуслоўскіх — гэта вялікая загарадная сядзіба аднаго з вядомых шляхецкіх родаў. Заказчык канцэптуальна падышоў да ўладкавання палаца. Напрыклад, у яго 12 вежаў — па колькасці месяцаў, прычым чатыры самыя высокія сімвалізуюць ураджайныя травень, чэрвень, ліпень і жнівень.
З 2008 года палац на рэстаўрацыі, але ўжо цяпер вы можаце паглядзець на частку адноўленага будынка. А калі ўражанняў вам будзе недастаткова, можна зайсці ў музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі, што знаходзіцца проста насупраць палаца.
Спадабаўся маршрут і захацелася ўбачыць усе кропкі ўжывую? Тады наперад!
Падчас падарожжа не забудзьцеся зрабіць фота на памяць. Апублікуйце яго ў сацсетках з хэштэгам #падарожжаза100 і дадайце невялікі аповед пра вашу вандроўку. Аўтары 10 самых цікавых гісторый атрымаюць эксклюзіўныя кнігі "Гісторыя АЗС у Беларусі". У гэтым падарункавым выданні сабраны ўнікальныя архіўныя фотаздымкі і поўная хроніка развіцця аўтазаправачнай галіны нашай краіны.
Падрабязнасці чытайце ў афіцыйных суполках А-100 Вконтакте, у Facebook i Instagram.
Акцыя праводзіцца на наступных АЗС А-100
Нумар |
Адрас |
АЗС №16 |
вул. Казінца, 133 (МКАД) |
АЗС №24 |
АД Р1 "Брэст-Мінск", 9-ы км |
АЗС №25 |
а/г Сеніца, вул. Зялёная, 1/4 |