Паўсядзённая рэчаіснасць наганяе нуду, і з цягам часу можа звесці сябе да тлуму. Чалавек, які ідзе на працу або ў краму, ведае, што ўбачыць за вуглом дома. Пыльная лаўка, квітнеючая яблыня, прыгожая дзяўчына, гучнае немаўля – гэтыя аб’екты звыклыя.
Чалавек засынае і бачыць сны. У гэтых снах рэальнасць падпарадкоўваецца яму: на яблыні растуць гадзіннікі, лаўка закручана ў спіраль, дзяўчына ўсё такая ж прыгожая, а немаўля маўчыць. Сон абсурдны. У гэтым абсурдзе ёсць бясконцая свабода і разнастайнасць варыянтаў развіцця кожнай падзеі.
Менавіта да спалучэння сну і рэальнасці імкнуліся сюррэалісты. У 1917 годзе Андрэ Брэтон апублікаваў маніфест сюррэалізму, ці звышрэалізму. Філігранна малюючы прадметы ці не да фатаграфічнага падабенства, сюррэалісты стваралі новую рэальнасць, свабодную ад зададзенасці, звычкі. У адрозненне ад абстракцыяністаў, якія цікавіліся вольнай формай, сюррэалісты звярталіся да арыгінальных ідэй, якія закладзены ў звыклыя прадметы. Яны намагаліся ўбачыць падабенства і паэзію ў тым, што, на першы погляд, не мае ніякай сувязі. Сальвадор Далі стварыў канапу, якая адначасова – яркія, пунсовыя, сакавітыя жаночыя вусны. Гіём Апалінэр у вершы “Зона” напісаў “сонцу перарэзалі горла”, маючы на ўвазе захад сонца. У беларускай мастацкай прасторы ніву мар і фата-марган актыўна апрацоўвалі такія звышрэалісты, як Мікалай Селяшчук, Андрэй Пяткевіч і Георгій Скрыпнічэнка.
*Праект рэалізуецца пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінску
