Напачатку XX стагоддзя многія мастакі вырашылі адмовіцца ад простага адлюстравання рэчаіснасці на палатне. Пейзажы, партрэты, нацюрморты – класічныя жанры, як аказалася, зайшлі ў тупік: сталі ўзнаўляць самі сабе. Перад творцамі паўстала лагічнае, але няпростае пытанне: куды ісці далей?
У якасці адказу ў пачатку XX стагоддзя нарадзілася адразу некалькі самастойных плыняў выяўленчага мастацтва, хай і звязаных адзіным імкненнем. Ці не самай радыкальнай з іх стаў супрэматызм Казіміра Малевіча.
Сам тэрмін паходзіць ад лацінскага “supremus” – найвышэйшы. Найвышэйшая форма эстэтыкі – чыстая, абстрактная форма, спалучэнне звычайна простых аднакаляровых аб’ектаў, кожны з якіх змяшчае бясконцую колькасць сэнсаў. Супрэматызм аперыраваў геаметрычнымі фігурамі і колерам, аднаўляў у пэўным сэнсе тую самую забытую азбуку першапачатковых элементаў жывапіснага твору.
Самая вядомая карціна, якая адносіцца да супрэматызму – “Чорны квадрат”. Загадкавая праца, якая выклікае каласальную колькасць спрэчак, ёсць кропкай старту для далейшага развіцця жывапісу. Базавы чорны колер. Абстрактная фігура. Па адной з легенд “Чорны квадрат” – гэта ўсе напісаныя калі-небудзь карціны, накладзеныя адна на адну. Ролю гэтага твора ў гісторыі мастацтва можна апісаць жартаўлівай цытатай з класікі айчыннай рок-музыкі: “Але лёс склаўся так, што “хрусь” – і папалам…” І хочам мы таго, ці не, але жывём ужо ў “постквадратную” эпоху.
Распачатую супрэматычную рэвалюцыю ладзілі і працягвалі шматлікія мастакі, сярод якіх сучаснік і сузаснавальнік стылю Эль Лісіцкі, француз Фернан Лежэ і яго жонка, наша суайчынніца, Надзея Хадасевіч-Лежэ. Нават напрыканцы ХХ стагоддзя і напачатку стагоддзя нашага супрэматызм заставаўся моцнай крыніцай натхнення і інструментам для такіх выбітных творцаў, як архітэктар Заха Хадыд і мастак Валянцін Нудноў.
*Праект рэалізуецца пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінску