Экспрэсіянізм

Як вядома, імпрэсіянізм – тэрмін, які абапіраецца на слова “ўражанне”. Надзвычай суб’ектыўныя імпрэсіяністы пісалі жывыя, дынамічныя карціны – перадавалі на палатне не рэчаіснасць, але сваё стаўленне да яе. Чалавеку здаецца, што, калі ён бачыць нешта, ён успрымае карцінку маналітна. На самой справе чалавечае вока фіксуе асобныя элементы, якія мозг апрацоўвае, выбудоўваючы суцэльнае палатно. Імпрэсіяністы пісалі карціны часта асобнымі каляровымі плямамі або кропкамі (у залежнасці ад памеру) – прымушалі гледача паўдзельнічаць у працэсе канструявання карцінкі. У вачах чалавека змешваліся асобныя колеры, ствараючы адзіны, закончаны вобраз.

Экспрэсіяністы пайшлі далей: іх турбавала пачуццё, эмоцыя, “выраз”. Не тое, што чалавечая асоба бачыць, а тое, што чалавек як персона адчувае ў сувязі з убачаным. Што змяняецца ў звычайным, стандартным вясновым пейзажы, калі ў ваш чаравік трапіў востры каменьчык.

Экспрэсіянізм зарадзіўся ў 10-х гадах XX стагоддзя. Гэта было прадчуванне драматычных перамен стагоддзя, на працягу якога чалавецтва перажыве неверагодны боль, бясконцую радасць і пазнае сапраўдную свабоду.

Самымі яркімі прадстаўнікамі экспрэсіянізму лічацца Эган Шыле, Эдвард Мунк, Ота Мюлер, Оскар Какошка. У іх працах спалучаецца складанасць мастацкага выказвання, амаль кінематаграфічная дынаміка, вялікая значнасць колеру і крайняя суб’ектыўнасць.

У гэты выбітны шэраг можна лёгка дадаць такія беларускія імёны, як Ізраіль Басаў, Сяргей Гурскі і Мікалай Залозны, і яны там, натуральна, не згубяцца.

*Праект рэалізуецца пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінску

12
13
14