Ёсць цэлы напрамак у выяўленчым мастацтве, дзе мастакі алоўкам малююць аб’екты, ды так, што іх наўрад ці магчыма адрозніць ад фатаграфіі. Настолькі развілося майстэрства мастака, што рэальнасць, карыстаючыся толькі колерам і лініяй, можна перадаць “на ўсе сто”. Адзінае пытанне, якое, дарэчы, даўно хвалюе многіх майстроў: навошта гэта рабіць?
Абстракцыяністы – гэта мастакі, якім надакучыла “адлюстроўваць яблык”. Яны імкнуцца стварыць эстэтыку, якая перадае ідэю, эмоцыю ў адрыве ад прадмета, сімвала. Замест чырвонага сцяга – яркая крывавая пляма. Калі мастак піша пейзаж, ён заклікае чалавека ацаніць яго з пазіцыі вядомай і зразумелай загадзя мадэлі – такой, якую можна выказаць словамі. Абстракцыяніст піша карціну, якую прасцей за ўсё апісаць праз музыку: для яго колер – тое ж самае, што гук для кампазітара.
Абстракцыянізм аб’ядноўвае мноства розных плыняў у мастацтве, якія зарадзіліся ў пачатку XX стагоддзя. Першая абстрактная карціна (акварэль) была напісана Васілём Кандзінскім у 1910 годзе. Нароўні з ім выбітнымі сусветнымі дзеячамі абстракцыянізму сталі Наталля Ганчарова і Міхаіл Ларыёнаў, Піт Мандрыян, Францішак Купка і іншыя. Не менш складана пералічыць і значных беларускіх мастакоў, што не ведаюць у сваёй творчасці абмежаванняў “прадметнасці”: Леанід Хобатаў, Алег Ладзісаў, Анатоль Кузняцоў, Рышард Май і многія-многія іншыя.
*Праект рэалізуецца пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінску